Навагодні гульнявы мікс “Ад Свінкі да Мышкі”

04.01.2020

Навагодні гульнявы мікс “Ад Свінкі да Мышкі”

Адыходзячаму і Надыходзячаму году

малой радзімы прысвячаецца…

     Навагодні мікс “Ад Свінкі да Мышкі, альбо праднавагоднія свавольствы ў вёсцы” для навучэнцаў групы падоўжанага дня адбыўся ў апошнія дні адыходзячага 2019 года.

  Дзецям была прапанавана навагодняя сюжэтная праграма з нестандартнай фабулай, свайго роду ўрачыстае, захапляльнае гульнявое дзейства “па-сельскі”, на беларускай мове, дзе перапляліся сучаснасць і старадаўнасць, сур’ёзнасць і іронія.

   Вы толькі ўявіце сабе сустрэчу новага года без традыцыйнай праднавагодняй гарадской ліхаманкі (як гэта звычайна і бывае), а ў ціхай спакойнай абстаноўцы, у вёсцы, у кампаніі вясёлага дзеда Патапа і сварлівай бабулі Агапкі, якія размаўляюць паміж сабой на роднай мове, з прыказкамі і прымаўкамі, імпазантнага ката-патрыёта Маркіза і прыгажуні мышкі Эліс, а таксама гарэзы-свінкі Пэпы…

   Бездакорная гульня акцёраў, шматлікія метады правакацыі, інтэрактыўныя гульні і танцы, удалы падбор музычных твораў, якія дзеці ведаюць і любяць, зрабілі сваю справу. Добры настрой, эмацыянальная актыўнасць ўдзельнікаў дасягнулі найвышэйшай планкі.

  Мерапрыемства прысвечана году малой радзімы, арыентавана на інтэнсіфікацыю грамадзянскай самасвядомасці навучэнцаў, фарміраванне цікавасці да вясковых традыцый, самабытнай культуры роднага края, роднай мовы.

                                                                Шуляк А.А., выхавацель групы падоўжанага дня