Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

21.02.2022

   Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі.

  Каб выклікаць цікавасць вучняў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, раскрыць індывідуальныя і творчыя здольнасці, пазнавальныя інтарэсы вучняў, стварыць умовы для інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння асобы школьніка, у нашай школе з 14 па 19 лютага прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

   Першы дзень пачаўся акцыяй “Любімае роднае слова”. Усе ўдзельнікі з вялікім задавальненнем выказвалі сваю павагу да роднай мовы, беларускага слова. Для вучняў шостага і сёмага класа была праведзена інтэрактыўная віктарына “Чароўны квадрат”.

  Другі дзень прайшоў пад назвай “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па - беларуску”. Дарослыя і дзеці – усе прымалі ўдзел у акцыі “Жыві, мова”. Усе жадаючыя маглі напісаць на папяровых кветках дарагія для іх словы на роднай мове. Паводле падлікаў, самае любімае беларускае слова удзельнікаў – матуля. Многа разоў называліся такія словы: калі ласка, кветка, бульба, мова.

  Вучні дзявятага класа прадэманстравалі свае веды ў гульні “Размаўляем па-беларуску!”

  Трэці дзень запомніўся ўсім. Кожны вучань у сваім сэрцы пакінуў думку, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і прыгажосць народнага слова.

  У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры для вучняў 6-7 класаў адбылася віктарына “Любіце, ведайце і шануйце родную мову!” Кожная каманда напачатку агучыла сваю назву і абараніла яе. Далей навучэнцам было прапанавана некалькі раўндаў з цікавымі заданнямі.

  Завяршыўся тыдзень мерапрыемствам для вучняў 5-9 класаў “З родным словам круглы год”.

  Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова” прайшоў на добрым узроўні. Паказаў, што вучні нашай школы цікавяцца фальклорам, нацыянальнай спадчынай, беларускай мовай і літаратурай. Навучэнцы актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах.

  Для кожнага з вучняў знайшлося нешта сваё, тое, што ён запомніць надоўга. Застаецца толькі выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у мерапрыемствах на працягу тыдня.

Псоцік Н.І., настаўнік беларускай мовы і літаратуры