Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова”

26.09.2022

Якія цудоўныя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І ўсё мілагучна для слыху майго:

І звонкае “дзе”, і густое “чаго”.

Пімен Панчанка

 

З 19 па 24 верасня ў нашай школе праводзіўся Тыдзень роднай мовы, які прайшоў пад дэвізам “Як ты дорага мне, мая родная мова”. Удзельнікі акунуліся ў свет роднай беларускай культуры. У мерапрыемствах тыдня прынялі ўдзел вучні 2- 11 класаў. Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці занятак па душы.

Тыдзень адкрывала акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Вучні 7-11 класаў змаглі выступіць у ролі перакладчыкаў. Першае месца ў конкурсе “Перакладчыкі” заняла вучаніца 8 класа Руско Амілія. 2 месца раздзялілі паміж сабой: вучаніца 11 класа Псоцік Марыя і вучні 8 класа: Краўчук Сяргей, Абрамчук Дзмітрый, Кірылка Ганна, Шпакоўскі Дзмітрый. Трэцяе месца раздзялілі: вучаніца 11 класа Салівон Кацярына, вучні 10 класа: Гарошка Яраслаў і Уласюк Мікіта, вучні 8 класа: Шпакевіч Ягор і Казадой Анастасія.

 У бібліятэцы была арганізавана выстава “Сэрцам роднага слова краніся”, на якой былі прадстаўлены кнігі на роднай мове.

З вялікім задавальненнем дзеці стваралі інтэрактыўнае воблака “Маё любімае слова па-беларуску”. Сваю любоў да роднага слова выказалі ўдзельнікі конкурсу “Чытаем вершы пра родную мову”. Пераможцы былі адзначаны: Дыпломам І ступені Пацоўская Алеся, вучаніца 4 класа; Дыпломам ІІ ступені – Шпакоўскі Максім, вучань 4 класа; Дыпломам ІІІ ступені – Грынь Ганна, вучаніца 3 класа.

Вучні 5-6 класаў праявілі свае творчыя здольнасці ў конкурсе пісьмовых работ “ За што я люблю родную зямлю ”.

 Паміж камандай “Песняры” (9 клас) і камандай “Залатая Бульба” (10 клас) была праведзена гульня “Размаўляем па-беларуску”. Перамогу атрымала каманда 10 класа. У час гульні вучні паказалі свае веды і змаглі адкрыць нешта новае для сябе.

Навінкай для навучэнцаў стаў конкурс “Сэлфі па-беларуску”.

Завяршыўся Тыдзень гульнёй-падарожжам для вучняў 5-8 класаў “Ці ведаеш ты родную мову?!” і прэзентацыяй віншавальных паштовак “Пажаданні роднай мове”.

Дзеці з вялікім захапленнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах Тыдня, для кожнага знайшлося нешта сваё, што ён запомніць надоўга. Школьнікі зноў убачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова. Пераможцы былі адзначаны граматамі. Застаецца толькі выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у мерапрыемствах Тыдня.